СТАРАДУ́БСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве. Утворана ў 1454 як удзел Івана Андрэевіча Мажайскага (гл. Мажайскія), уцекача ад вял. маскоўскага кн. Васіля II. У 1499 яго сын Сямён, які пачаў звацца кн. Старадубскім, атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Аляксандра пацвярджэнне на вотчыну, у якую ўваходзілі Старадуб, Гомель, Чарнігаў, Бранск, Карачаў, Хоцімль. Вясной 1500 Сямён і ўладальнік Ноўгарад-Северскага княства В.І.Шамяціч перайшлі на бок вял. маскоўскага кн. Івана III. Пры гэтым іх княствы захавалі на пэўны час унутр. аўтаномію. У 1-й чвэрці 16 ст. існаванне гэтых буферных утварэнняў, якія разам з Разанню засланялі ўласна маск. тэрыторыю ад тат. набегаў, з тактычных меркаванняў дапускалася Масквой. У 1518 С.к. перайшло да вял. маскоўскага кн. Васіля III. Гомель з акругай вернуты ў склад ВКЛ у выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37.
А.В.Белы.
т. 15, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)